Я пабег па беразе возера. Мінуў купку дрэў. Ужо блізка пальма, метраў трыста да яе засталося. Трэба яшчэ тыя дрэвы мінуць, а там…
А там, за дрэвамі, я ўбачыў на траве чырвоную лужыну.
«Хто ж гэтулькі фарбы разліў? — дзіўлюся я. — Тут цэлая бочка разліта, не меней».
Нагнуўся, дакрануўшыся да лужыны пальцамі. На пальцах засталіся чырвоныя сляды. Паднёс пальцы да носа, панюхаў. Зусім не пахне. Фарба, я гэта добра ведаў, звычайна пахне ацэтонам ці аліфай. Дзіўна: чаму гэтая не пахне? Чырвоныя плямы, заўважыў я, выступалі на далонях, потым уся рука стала чырвоная.
Чаму так? Хіба я плёхаўся рукою ў лужыне? Не. Толькі пальцы памачыў. Дык чаму тады ўся рука чырвоная? Гляджу: і сарочка, і штаны, і чаравікі чырвоныя.
Агонь. Гэта, відаць, агонь, водбліскі полымя…
Чырвонае полымя пабегла па возеры, ахапіла лес. Вакол мяне калыхалася суцэльнае мора агню. Вогненныя малінавыя языкі ўздымаліся, здавалася, да самага паднябесся.
Чаму загарэўся лес? Няўжо на Эльдарада які вулкан прачнуўся? А што з Міхасём і Наташай?
Падзьмуў ветрык, і пацягнула гарэлым. Нясцерпна абпякло шчокі. Я кінуўся назад, туды, дзе пакінуў Міхася і Наташу. А яны ўжо беглі да мяне.
— Пажар! — штосілы закрычаў я.
Міхась і Наташа падбеглі бліжэй, спыніліся. Я ажно зніякавеў. Валасы ў Міхася і Наташы былі карычневыя, шчокі, нос чырвоныя-чырвоныя, як бурак. А твары нейкія выцягнутыя. Не твары, а дзве агідныя маскі. Міхась дакрануўся рукою да валасоў — валасы падняліся і загарэліся мноствам чырвоных нітак. Я хацеў падысці да Міхася, а Міхась адхіснуўся ад мяне.
— Марозік, ты… такі страшны.
Я зразумеў, што і мой твар падобны на маску.
— Гарым? Мы гарым? — ледзь раскрываючы губы, прашаптаў я.
— Не, — адказала Наташа. — Даўно згарэлі б. Дый не горача нам.
Сапраўды, я ўжо не адчуваў на шчоках гарачыні, хоць і шалеў агонь.
— Гэта ён, — прагаварыла Наташа.
— Хто ён?
— Кляйн. Атамную бомбу ўзарваў.
Наташа павярнулася да лесу, сціснула пальцы ў кулачок і замахала ім.
— Кляйн! Ты не чалавек! Не чалавек! Я схапіў Наташу за руку.
— Ты не напалохаеш яго, Наташа. Нам трэба хавацца. Мы выратуемся. Бомба далёка ўзарвалася. Мы расквітаемся з ім.
Наташа вырывалася ад мяне і крычала, крычала…
А агонь раптоўна знік. Раптоўна з’явіўся і раптоўна знік. Зноў зазіхацела сонца, зазелянела трава, заблішчала возера.